Главная > Ветераны > З Новай Лялі ў Свіслач шлях няблізкі

З Новай Лялі ў Свіслач шлях няблізкі


29-06-2017, 10:18. Разместил: admin
Клаўдзія Іосіфаўна не тутэйшая і нават не з Беларусі: яна нарадзілася ў 1930 годзе ў г. Новая Ляля Свярдлоўскай вобласці. Маленькую Клаву і яе старэйшага брата Генадзія маці падымала адна.


– Свайго таты я не памятаю, ён рана памёр. Мы з братам гадаваліся ў няпоўнай сям’і, пакуль мама ў другі раз за ўкраінца замуж не выйшла, – расказвае Клаўдзія Іосіфаўна. – Ад яго мама нарадзіла яшчэ двух дзяцей – Раю і Віктара. Жылі мы бедна. А за ласункамі ў лес бегалі, часцей за кедравымі арэшкамі.


А калі пачалася вайна, дарослыя забаранілі дзецям у лес хадзіць, казалі, што ваеннапалонных немцаў там размясцілі. Першыя лагеры ў Свярдлоўскай вобласці пачалі з’яўляцца ў 1942 годзе, іх размяшчэнне тут было абумоўлена аддаленасцю ад лініі фронту. Палонныя немцы лес пілавалі, з яго ж баракі сабе будавалі, у іх і жылі.


– Я толькі чатыры класы скончыла, – працягвае свой расказ мая субяседніца. – Так і не трапіла ў старэйшыя класы, пачалася вайна. Падлеткаў сталі на працу ў Навалялінскі цэлюлозна-папяровы завод агітаваць: дарослыя нейкія сакрэтныя скрыні для фронту пакавалі, а мы іх нумаравалі і падпісвалі. Мы немцаў практычна і не бачылі, за выключэннем, калі іх праз драўляны мост у лагер перапраўлялі. Калі скончылася вайна, нашы пачалі абменьвацца з немцамі ваеннапалоннымі. У пустыя баракі, дзе жылі зняволеныя, сталі засяляцца мясцовыя жыхары, якія не мелі даху над галавой.


Там, на малой радзіме, Клаўдзія сустрэла свайго будучага мужа, які пасля вайны працаваў на Урале.


– А як вы трапілі ў Беларусь? – цікаўлюся ў Клаўдзіі Іосіфаўны.


– У 1961 годзе Юрый Гагарын паляцеў у космас, а мы паехалі на радзіму Паўла, – жартуе баба Клава.


Маладая сям’я з двума сынамі на руках асела ў Працуцічах Навадворскага сельсавета. Клава, як і большасць вясковых жанчын, працавала ў сельскай гаспадарцы, муж ездзіў на працу ў раённы цэнтр. Не за доўгім часам планы ў сям’і змяніліся. Лігеры пачалі будавацца ў Свіслачы. А так як Павел Валянцінавіч быў чалавекам вельмі майстравым, хутка пераехалі ў новы дом. Клаўдзія Іосіфаўна ўладкавалася памочнікам выхавальніка ў дзіцячы сад, дзе працавала да заслужанага адпачынку. Работнікі дашкольнай установы і сёння не забываюць пра ветэрана, прыходзяць, прысылаюць паштоўкі ў святы. Удзячная Клаўдзія Іосіфаўна і прадстаўнікам мясцовай улады, ветэранскай арганізацыі. Прывітальныя адрасы, паштоўкі, выразкі з газет у яе ляжаць на самым ганаровым месцы побач з дарагімі ўзнагародамі, сярод якіх медаль «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» і юбілейныя медалі.


А колькі радасці было ў бабулі, калі на яе агароджы з’явілася індывідуальная паштовая скрыня! Варта было аднойчы пры гасцях сказаць, што цяжка ёй з кульбачкай да агульнай скрыні дабірацца. Зараз жа яна першая з членаў сям’і, хто прычытвае дастаўленую прэсу ад пачатку да канца і такім чынам знаходзіцца ў курсе ўсіх падзей.



Алена КЕДЗІК.

Фота аўтара.
Вернуться назад