Главная > Ветераны > Працавітым ордэны да твару

Працавітым ордэны да твару


26-06-2019, 11:41. Разместил: admin
– Цяжкімі былі дзіцячыя гады, – успамінае Лідзія Канстанцінаўна Трахімік сёння. – Да працы прывучыліся рана. Трэба ж было дапамагаць матулі. Не баяліся ніякай работы, бо ведалі: за нас яе ніхто не зробіць (жылі ж без бацькі). Нацярпеліся. Той выпадак, калі мама паслала мяне з бараной на поле, добра засеў у галаве. Памятаецца, сонца бязлітасна пякло. Жывёла стамілася, дужа даймалі, не давалі спакою авадні. І раптам конь паваліўся з ног, на спіне пачаў качацца. Ох і напалохалася я! Не ведала, што рабіць. У роспачы клікала на дапамогу... Было страху і тады, калі дровы з лесу вазілі і мама пад воз упала... Усяго хапіла.

Уздыхнула і, быццам у калейдаскоп, пачала ўглядацца ў пражытыя гады. Карцінкі, набягаючы, змянялі адна адну. Можа, і не такія яны і яркія, каляровыя, як хацелася б... Але свае, лёсам наканаваныя.

Нарадзілася Лідзія Канстанцінаўна 8 сакавіка 1952 года ў Карэліі. Так атрымалася, што яе бацькі (мама – з Грынок, а тата – з Празнікаў), ужо маючы дачку Зінаіду, вырашылі пашукаць шчасця далёка ад роднай хаты. Там, у Карэліі, і з’явіліся на свет сярэдняя Ліда з малодшай Галяй. Але ж нядоўгім было сямейнае жыццё. Не склалася, як кажуць. І Кацярына Іосіфаўна з малымі дзецьмі на руках вярнулася ў Грынкі. Цяпер ужо назаўсёды. Жылі, як усе вяскоўцы жывуць. Многа працавалі, у вёсцы ж гаспадарка корміць. Да ўсякай работы былі дзяўчынкі ахвотніцамі: і за скацінай глядзелі, і буракі палолі, і бульбу садзілі, і лён рвалі, і лес пілавалі...

Не заўважыла Лідачка, як вырасла. Пайшла на працу ў калгас. Спачатку паляводам, а потым уладкавалася на ферму і не расставалася са сваімі рагулямі трыццаць шэсць гадоў (потым яшчэ восем цялятніцай была). Працавала шчыра, не абы дзень да вечара. Старалася, каб надоі былі высокія. Гэта цанілася кіраўніцтвам, адзначалася і рублём, і добрым словам. Колькі грамат і падзяк прыняла перадавая, і не злічыш. А ў 1980-я гады на грудзях Лідзіі Канстанцінаўны з’явіліся два ордэны Працоўнай славы: у 1981-м – ІІІ ступені, а праз пяцігодку, у 1986-м, – ІІ ступені. За поспехі ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве і дасягненне найвышэйшых рэзультатаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Неяк для лепшых даярак раёна наладзілі канцэрт. Сярод запрошаных, вядома, была і грынкаўская чатырохтысячніца. Як успамін пра тое свята па сёння беражэ жанчына атрыманы падарунак – прыгожую квяцістую хустку. Яна і зараз як новая, хоць мінула амаль сорак гадоў.

– Я сваю работу любіла, – з чутнай у голасе цеплынёй распавядае Лідзія Канстанцінаўна. – Былі ў групе і любімыя каровы. У кожнай – сваё імя. Рамонак, Фіялка, Зорка, Пярэста... Ведала пра іх нораў усё. Ноччу падымі – скажу, дзе якая стаіць. Як жа іначай?! Усё маё жыццё – гэта ферма.

Праўда, паспявала працаўніца не толькі ў калгасе. Дзетак гадавала (сына Гену і дачку Наташу), за старэнькай маці даглядала, потым унукаў нянчыла. Доўгі час не магла развітацца з фермай. І толькі ў 2016 годзе нарэшце вырашыла пайсці на адпачынак. Зараз з асалодай займаецца любімымі справамі: агародам, кветнікам і... мастацкай самадзейнасцю. З дзяцінства па душы Лідзіі Канстанцінаўне народная песня. Ад матулі, пэўна, пераняла яна гэтую любоў. Бывала, пойдзе Кацярына Іосіфаўна на вячоркі, дзяўчатак сваіх з сабой возьме. Прадуць, ткуць і тут... Зацягне Іосіфаўна песню... Хораша!
А потым і Лідачка пачала цешыцца песняй. Спявала ў калгасным хоры, на ферме за работай...

Сёння высокі голас Лідзіі Канстанцінаўны гучыць у вакальным калектыве “Спадчына”, што існуе пры Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу ўжо адзінаццаты год. Перадавая даярачка там з першага дня. Часам пад сцэнічны вобраз накіне на плечы тую самую квяцістую хустку – ды ў думках вярнецца на сорак гадоў назад. І, нягледзячы на няпростае жыццё, дзякуе Богу за магчымасць жыць, любіць, працаваць і спяваць на роднай зямлі:

Куда бежишь,
Тропинка милая,
Куда зовешь, куда ведешь?
Кого ждала, кого любила я,
Уж не догонишь, не вернешь...


По материалам "СГ"
Наталля ТУРКО
Фота аўтара
Вернуться назад