Вёсачка мая, мілая і прыгожая, цябе няма радней і прыгажэй... Бадай, так адзываюцца аб Вялікіх Міхалках яе жыхары. А вялікая яна сапраўды, толькі, на жаль, не колькасцю жыхароў, а сваёй працягласцю – звыш трох кіламетраў. Сёння ў Вялікіх Міхалках пражывае 79 чалавек, з якіх 29 грамадзян працаздольнага ўзросту, 40 пенсіянераў і 10 дзяцей. Ведаеце, яшчэ чым адрозніваецца гэтая вёска ад астатніх? Перадавікамі вытворчасці! Так. Вельмі працалюбівы тут народ жыве. Шчыравалі на палетках і на фермах, за баранкаю трактароў і грузавікоў. Вылучыць кагосьці асобна вельмі складана, бо ўсе ў кіраўніцтва гаспадаркі і сельсавета ў пашане, як кажуць, у аўтарытэце.