Автор: admin8-11-2017, 12:16Комментарии
У чацвер цэлы дзень ішоў дождж. Звычайнае для лістапада надвор’е. Але тым, хто сабраўся ля помніка на брацкай магіле растраляных фашысцкімі нелюдзямі свіслачан, здавалася, што сама прырода плакала, успамінаючы гэтую страшную старонку гісторыі нашага краю.
На жалобны мітынг ва ўрочышча Вішаўнік прыбылі прадстаўнікі Свіслацкага райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў, раённай арганізацыі КПБ, моладзі, актыў ветэранскай арганізацыі.
Старшыня раённага савета ветэранаў Алена Пракопік напомніла прысутным пра трагічныя падзеі 75-гадовай даўнасці:
– З першых дзен акупацыі фашысты праводзілі жорсткую і бесчалавечную палітыку ў дачыненні да насельніцтва акупаваных тэрыторый. Асаблівай жорсткасцю выдзяляліся адносіны да яўрэйскага насельніцтва. Нямецкія ўлады забаранялі яўрэям з’яўляцца ў грамадскіх месцах, на рынках, карыстацца транспартам. Для іх быў уведзены адметны знак – жоўтая шасціканцовая зорка – якую яны павінны былі нашываць на сваё адзенне. Усім яўрэям была загадана перасяліцца ў гета.
1 лістапада 1942 года ўсіх, хто заставаўся жывым – 1 536 старых і малых, жанчын і дзяцей, фашысты выгналі з гета і накіравалі сюды, ва ўрочышча Вішаўнік, дзе ўсе яны былі па-зверску расстраляны і засыпаны ў агульных магілах-ірвах.
Памятаць аб гэтай трагедыі – наш чалавечы абавязак. Мы павінны данесці яе да наступных пакаленняў і зрабіць усе, каб такое ніколі не паўтарылася. Ні з адным народам.
Ускладзены да помніка кветкі, запалены памінальныя свечкі. З паніклых галінак бярозак, што растуць ля помніка, ападаюць кроплі дажджу, як слёзы мільёнаў бязвінных ахвяр фашызму.
Мы памятаем!
По материалам Свислочской газеты.
Игорь БОЯРКИН.
Фото автора.
Просмотры: 947